Сайт Юрыя Міхеда (a.k.a. juras14)

Адказы на часта задаваемыя пытаньні

Прачытаў у вас пра Чарнобыль и Прыпяць, хачу цяпер туды зьездзіць. Як гэта можна зрабіць?
Гэта можна зрабіць 2 спосабамі — пракрасьціся ў Зону адчужэньня самастойна або купіць тур. Паколькі першы варыянт небясьпечны, складаны і нелеґальны, для большасьці людзей больш пасуе другі.

Зараз ёсьць некалькі кампаніяў, якія арґанізуюць туры ў Зону, але я рэкамэндую Chernobyl Zone, якая належыць былым прыпятчанам, тым, што падтрымліваюць сайт Припять.ком (найбуйнейшы ў інтэрнэце рэсурс аб Прыпяці, Зоне адчужэньня і чарнобыльскай тэматыцы). У гэтым выпадку ваша паездка будзе найбольш поўнай і якаснай. Можна таксама замовіць і індывідуальны тур, хоць гэта будзе дорага. Для замовы тура вам трэба выбраць на іх сайце адну з даступных дат, аплаціць паездку, а затым у прызначаны час прыехаць у Кіеў, адкуль адпраўляюцца экскурсіі ў Зону. Зьвярніце ўвагу, што любыя паездкі ў зону даступныя толькі асобам, якія дасягнулі 18 гадоў.
Я хачу выкарыстоўваць вашыя фатаґрафіі. Што для гэтага трэба?
Я зусім ня супраць таго, каб вы выкарыстоўвалі фатаґрафіі з гэтага сайта, але мне б вельмі хацелася, каб вы папярэдне спыталі ў мяне на гэта дазволу, напісаўшы ліст на info@mikhed.ru. У абсалютнай большасьці выпадкаў я скажу вам «так», не папрасіўшы за гэта ніякіх грошай, і толькі скажу абавязкова пазначыць маё аўтарства і паставіць спасылку на mikhed.ru. Дазвол пытацца абавязкова пры камэрцыйным выкарыстаньні (напрыклад, для публікацыі ў СМІ), хоць у большасьці выпадкаў гэта таксама будзе бясплатным.

А вось тых, хто цішком крадзе фатаґрафіі і тым болей абразае зь іх капірайт, чакаюць кары анальныя нябесныя, а менавіта, натарыяльна завераны скрыншот і зварот у суд. Сума кампэнсацыі за падобнае парушэнне аўтарскага права на практыцы звычайна складае 10 000—50 000 ₽, так што лепш проста спытаць дазволу і спаць спакойна.
Чаму некаторыя фотаапавяданьні мінулых гадоў да гэтага часу не напісаныя?
Апавяданьні пішуцца толькі тады, калі ў мяне ёсьць настрой гэта рабіць. Часам я пішу справаздачу адразу пасьля паездкі. Часам праходзіць некалькі гадоў, перш чым я за яе сяду. Хоць тэарэтычна усе апавяданьні павінны будуць быць калісьці напісаныя, ніякіх ацэначных тэрмінаў, калі гэта будзе зроблена, я даць не магу.
Кім вы працуеце?
Я вэб-праґраміст.
Вы зь Беларусі?
Не, я там ніколі ня жыў, а нарадзіўся ў Расіі. Але ў Беларусі ў мяне шмат сваякоў, там нарадзіўся і вырас мой бацька, таму ў 15 гадоў я вырашыў, што нядобра ня ведаць нічога пра гэтую частку свайго паходжаньня, пасьля чаго вывучыў беларускую мову і пачаў чытаць літаратуру.
Што ў вас за дзіўная вэрсія беларускай мовы?
Я выкарыстоўваю так званы «клясычны» прапавіс беларускай мовы, таксама вядомы як «Тарашкевіца», ад імя беларускага лінґвіста Браніслава Тарашкевіча, які ў 1918 годзе зрабіў першую спробу нармалізаваць беларускі правапіс (да гэтага яна ня мела ніякіх вызначаных правілаў). Гэты правапіс афіцыйна выкарыстоўваўся да 1933 году, калі ў БССР была праведзеная артаґрафічная рэформа, і быў прыйняты новы афіцыйны стандарт правапісу (т. зв. «наркамаўка»), які сёньня вывучаецца ў школах. Мэтай гэтай рэформы, аднак, было не паляпшэньне правапісу, а набліжэньне яго да пісьмовых стандартаў расейскай мовы. Па гэтай прычыне беларуская эміґрацыя яго ніколі не прыйняла і заўсёды працягвала карыстацца «Тарашкевіцай». Пасьля здабыцьця незалежнасьці ў 1991 годзе «Тарашкевіца» пачала адраджацца і ў Беларусі. У беларускамоўным інтэрнэце перавагу аддавалі менавіта ёй, яе ўжывалі шмат друкаваных выданьняў. Пасьля прыходу да ўлады Лукашэнкі пытаньне стала палітызавацца, «Тарашкевіца» стала адной з фармальных зачэпак для ціску на апазыцыйную прэсу (напрыклад, выйшаў закон, паводле якога ўсе зарэґістраваныя выданьні мусілі карыстацца толькі афіцыйным прапавісам, што было відавочнай акцыяй супраць апазыцыйных мэдыя, бо «Тарашкевіцу» болей за ўсё ўжывалі менавіта яны).

Я пішу «Тарашкевіцай» па дзьвюх прычынах. Па-першае, яна болей пасуе да фактычнай фанэтыкі беларускай мовы, чым зрусіфікаваны афіцыйны правапіс. Па-другое, паколькі я ніколі не вучыўся ў беларускай школе, а мову вывучаў самастойна, галоўным чынам у інтэрнэце, карыстацца афіцыйным правапісам для мяне вельмі складана і ненатуральна, усё адно што пісаць па-расейску дарэвалюцыйным правапісам зь літарамі «Ъ», «Ѳ» або «Ѣ».
Чаму вы нічога ня пішаце ў ЖЖ?
Мой ЖЖ занадта стары, і каб пачаць туды рэґулярна пісаць, трэба памяняць дызайн (бягучы быў усталяваны ў 2005 годзе) і знайсьці, як можна зручна прычапляць карцінкі да пастоў, і г.д. Пакуль жаданьня для гэтага няма. Маім своеасаблівым блёґам фактычна стаў укантактаўскі профіль, і, у меншай меры, Фэйсбук, куды я раблю рэпосты. Заходзьце.