Сайт Юрыя Міхеда (a.k.a. juras14)

Траґедыя

Чаго і казаць, дзень у Палыча павінен быць выйсьці выдатным. Па-першае, пасьля зацяжнога тыднёвага дажджу выглянула сонца, і глейкі бруд на пакрытых дажджавымі чарвякамі ходніках пачаў падсыхаць. Па-другое, нядаўна ён цалкам выпадкова знайшоў на памыйніцы выкінутае кімсьці сядло ад ровара. Яно было парваным, але цалкам прыдатным да яго старога «Турыста», які таксама не адрозьніваўся дагледжанасьцю або спраўнасьцю. Ровар захоўваўся на балконе, быў досыць моцна сапсаваны іржой, рыпеў і трашчаў, але Палыч не зьвяртаў увагі на такія дробязі.

Па-трэцяе, і гэта, мабыць, было найгалоўнейшым — сёньня ранкам у адной з пустых бляшанак для спэцыяў на кухні ён знайшоў сто рублёў. Паходжаньне грошай ён разумеў — гэта была заначка ягонай жонкі, якая, добра ведаючы пра ягоную любоў да зялёнага зьмію, даволі часта хавала грошы, якія трэба было выдаткаваць на гаспадарчыя патрэбы. Нельга сказаць, што Палыча не палохалі наступствы заплянаванага ім нямэтавага выкарыстаньня канфіскаваных сродкаў — на яго плячы да гэтага часу быў бачны сіняк ад качалкі, якім жонка ўзнагародзіла яго два тыдні таму, калі ён знайшоў і прапіў яе тайничок, прызначаны для куплі новых ботаў. Аднак, ён разумеў, што разборкі пачнуцца не раней чым праз два дні, а сёньня яго чакае прыемны вечар у альтанцы, якая стаіць у суседнім двары.

Пагэтаму ён радасна выкаціў з балкона ровар, і, сьцягнуўшы яго па лесьвіцы (добра што ён жыў на першым паверсе), зь цяжкасьцю і крактаньнем узьлез на прыкручанае ўчора знойдзенае сядло. Пагойдваючыся і віляючы рулём, ён націснуў на пэдаль. Ровар выдаў жаласны рып, і Палыч крануўся зь месца, пакідаючы на вільготнай зямлі вузкі сьлед.

Праязджаючы міма вышэйзгаданай альтанкі, ён заўважыў, што яна не пустая, а там ужо сядзяць два чалавекі. Ён ведаў іх абаіх. Першым быў Макарыч па мянушцы Менахем, пузаты пэнсыянер гадоў шасьцідзесяці, які вельмі любіў гаварыць пра палітыку. Погляды яго зводзіліся да таго, што Расея задыхаецца ў «брудных лапах жыдоў», і калі іх, жыдоў, з Расеі прагнаць, то паветра цалкам відавочна стане чысьцейшым, трава — зелянейшаю, а жыцьцё — лепшым і весялейшым. Больш за ўсё Макарыч бедаваў з-за таго, што сягоньня ў Расеі няма вялікага Сталіна, які з габрэямі ўжо сапраўды б не цырымоніўся. Дзіўную сваю мянушку Макарыч зарабіў ужо даўно — калі вельмі любіў на ўвесь двор раскрываць страшныя сакрэты сусьветнай закулісы. «Пуцін — той з прожыдзьдзю», — вяшчаў ён, трасучы узьнятым дагары пальцам. «А Мядзьведзеў дык навогул чыстакроўны жыдзёнак, у яго сапраўднае імя ведаеце, якое?» — ён вытрымліваў паўзу, — «Менахем!» Апошняе слова ён выкрыкваў так гучна, што суседзі і самога Макарыча паступова сталі называць выключна Менахемам.

Другой асобай у альтанцы быў Дмітрыч, шырокакостны мужык, на адрозьненьне ад Макарыча-Менахема вядомы сваёй маўклівасьцю і панурасьцю. Яго амаль нельга было разгаварыць, але калі ён нешта ўсё ж прамаўляў, гэта заўсёды было дарэчна і па справе. Дмітрыч адрозьніваўся тым, што любіў гуляць па раёне, і сустрэўшы нейкага грамадзяніна, які замешкаўся, падыходзіў да яго, змрочна глядзеў, а затым хрыплым голасам прамаўляў:

— Чуеш, брат. Пяцёрку пазыч да заўтра?

Самым цікавым было тое, што грамадзянін пад узьдзеяньнем такога псыхаляґічнага ціску зьмяінага погляду Дмітрыча часьцяком сам цягнуўся да партаманэту, і выцягваў адтуль якую-небудзь манету. Дзякуючы таленту Дмітрыча, у іх часта хапала ня толькі на выпіўку, але й на апахмел.

У альтанкі Палыч не спыніўся. Зараз яму не хацелася марнаваць час на размовы. Ён нават думаў пакуль зь імі не вітацца, але знаёмае рыпеньне ягонага ровара было немагчыма не пачуць, таму, калі яго сабутэльнікі азірнуліся, ён толькі махнуў ім рукой, а сам працягнуў свой шлях да запаветнай крамы.

Крама знаходзіўся ў падвальным памяшканьні аднаго з будынкаў. Пакінуўшы ровар звонку, Палыч акуратна зьлез і спусьціўся ў сутарэньне. За прылаўкам сядзела знаёмая яму прадаўшчыца Таня, вельмі нават апетытная (асабліва калі параўноўваць зь яго жонкай) бабёнка, да якой ён спрабаваў заляцацца, хоць і не атрымліваў на свае дзеяньні ніякага адказу. Яна абыякава павіталася і спытала, чаго яму трэба.

«Ды вунь, як звычайна мне, Танюшка», — падміргнуў ён, але тая праіґнаравала яго знак увагі і безэмацыйныя выставіла на прылавак пляшку з чыстай празрыстай вадкасьцю ўнутры і залацістай акцызнай налепкай на корцы.

Аддаўшы ёй стольнік, Палыч узяў «пузыр», фамільярна пакланіўся, і ўзышоў па прыступках вонкі. Зноў забраўшыся на ровар, ён раптам зразумеў, што пузыр няма куды запхнуць, а ніякага пакета або сеткі ён з сабою ня ўзяў. Трохі падумаўшы, ён паклаў вялікі палец правай рукі на стырно, а бутэльку за рыльца заціснуў у чатырох астатніх, і ў такім нязручным стане пакаціў назад.

Празь некалькі хвілін зьявілася іх альтанка. Цяпер у ёй ужо было ня двое, а чацьвёра чалавек. Відаць, Макарыч-Менахем і Дмітрыч ўжо распавялі новапрыбылым інтэліґентам пра ягоныя пляны, бо, заўважыўшы яго, усе яны радасна замахалі рукамі і загаманілі. Палыч махнуў ім левай рукой...

У гэты момант ровар заехаў у запоўненую вязкім брудам выбоіну. Стырно тузанулася, і адзін толькі вялікі палец правай рукі ня змог яго ўтрымаць. Ад рэзкага руху дрэнна прыкручанае трафейнае сядло адламілася, і, зьляцеўшы зь яго, Палыч з усёй моцы стукнуўся аб раму прычынным месцам. Узвыўшы ад дзікага болю, ён канчаткова страціў раўнавагу і шумна грымнуўся з ровара ў лужыну.

Ачуняўшы, ён сутаргава закруціў галавой па баках, спрабуючы знайсьці тое, дзеля чаго распачаў усю гэтую паездку. Але пузыра не было. Замест яго перад ім усё было ўсеяна аскепкамі бітага шкла, якія прыгожа зіхацелі на сонцы. Алкашы ў альтанцы глядзелі моўчкі, раскрыўшы раты. Выгляд у іх быў шакаваны і прыгнечаны. Нарэшце, цішыню парушыў Дмітрыч:

— Трагедыя... — хрыпла і асуджана вымавіў ён.

2011