Сайт Юрыя Міхеда (a.k.a. juras14)

Зона адчужэньня. Чарнобыльская АЭС

Кіеўская вобласьць, Украіна, жнівень 2008
Google Мапы, Яндэкс.Мапы

Самая вядомая атамная станцыя сьвету, Чарнобыльская АЭС, на якой у адбылася тая страшная аварыя, была навечна спыненая ў сьнежні 2000 году. Тым ня менш, на ёй працягвае працаваць шмат людзей — адбываецца дэкамісія энэрґаблёкаў станцыі (выдаленьне адпрацаванага паліва і абсталяваньня), якая працягнецца яшчэ шмат гадоў.

Як і закінуты горад Прыпяць, станцыя знаходзіцца ў «дзясятцы» — 10-кілямэтровай зоне поўнага адчужэньня. Для ўезду ў яе з 30-кілямэтровай зоны трэба дадатковы дазвол.

 

Станцыя — звышрэжымны і звышахоўваемы аб’ект. Фатаґрафаваць яе паблізу забаронена (зразумела, што калі вас за гэтым зловяць, справа не абыдзецца прафіляктычнай гутаркай і выдаленьнем фатаґрафіі з флэшкі). Выключэньне зроблена толькі для саркафага над чацьвёртым энерґаблёкам, і толькі з адмысловай назіральнай пляцоўкі, на якой усталяваны мэмарыял загінулым ліквідатарам. Менавіта па гэтай прычыне большасьць фатаґрафій, якія вы, магчыма, бачылі, зробленыя з гэтага ракурсу. Станцыя акружаная высокімі бэтоннымі платамі, многімі радамі маткоў калючага дроту, і правадамі пад высокай напругай. Жалезная канструкцыя была ўзьведзена як тэрміновая мера для прадухіленьня разбурэньня саркафаґа, а ў найбліжэйшай будучыні пачнецца ўзвядзеньне аб’екту «Сховішча-2», бо існуючы знаходзіцца ня ў самым лепшым стане.

 

Здалёк жа здымаць аб’ект не падсудна. Самая блізкая даступная кропка для здымкі — дарога, якая знаходзіцца на некаторым аддаленьні з боку машыннае залі, у якой усталяваныя турбаґенэратары.

 

Зь іншага боку дарогі можна ўбачыць недабудаваны САЯП — сховішча адпрацаванага ядзернага паліва. Пры будаўніцтве аб’екта французамі былі дапушчаныя памылкі, з-за якіх ўвод яго ў эксплюатацыю апынуўся немагчымым.

 

Розныя трансфарматарныя канструкцыі.

 

Будынкі адміністрацыі станцыі (прыношу прабачэньні за дрэнную якасьць здымка, зробленага з акна на хаду). Труба належыць схаванай за імі цеплавой электрастанцыі, пабудаванай для сілкаваньня спыненай АЭС.

 

Помнік Праметэю, які раней стаяў ля аднайменнага кінатэатру ў Прыпяці, цяпер знаходзіцца ля ўваходу на станцыю.

 

Там жа разьмешчаны яшчэ адзін мэмарыял ахвяраў траґедыі.

 

У некалькіх мэтрах — чыгуначны мост, зь якога ўсё кормяць ґіґанцкіх самоў, якія жывуць у заражанай сажалцы-ахаладжальніку. Сажалка проста перапоўненая рыбай, якую па зразумелых прычынах ніхто ня ловіць.

 

Памер сома на фатаґрафіі перадаць складана, але любы рыбалоў, сустрэўшы такога, ня столькі узрадаваўся, колькі спалохаўся бы. Вядома, вырастаюць самы не ад радыяцыі, а ад больш не пагражаючага ім «антрапаґеннага фактару».

 

Камусьці тут вельмі добра жывецца. На жывёл радыяцыя, у прынцыпе, ніяк не ўплывае — у суровых умовах дзікай прыроды дзіцяняты з вычварэнствамі гінуць у першыя дні жыцьця, а нармальныя асобіны проста не пасьпяваюць дажыць да таго ўзросту, калі на іх здароўе мог бы адбіцца ўплыў павышанага фону.

 

Чарнобыльская атамная станцыя плянавалася як адна з найбольш калясальных будоўляў сацыялізму. Па завяршэньні яна павінна была налічваць дванаццаць энерґаблёкаў і стаць найбуйнейшай у сьвеце — такое мог дазволіць сабе толькі Савецкі Саюз. У гарачым красавіку 1986-га ўзводзілася так званая трэцяя чарга — пяты і шосты энерґаблёкі. Але аварыя перакрэсьліла ўсе пляны, і краны навечна замерлі побач з недабудаванымі бэтоннымі ґіґантамі.

 

За імі разьмешчаны недабудаваныя ґрадзірні.

 

Прызначэньне ґрадзірняў — астуджэньне вады. Па трубах яна падымаецца да верху, а затым сьцякае па сьценах, губляючы цяпло. На заднім пляне ў левым ніжнім куце бачны адзін з нашых праваднікоў, Сяргей з МНС Украіны. Памер канструкцыі на фатаґрафіі не перадаецца, але вы можаце ацаніць яго па постаці Сяргея.

 

Уся канструкцыя зьяўляецца маналітам — спачатку ўзводзіцца мэталічны каркас, затым ён заліваецца бэтонам. Наверсе можна ўбачыць кінутыя будаўнічыя лясы.

 

Доўга знаходзіцца тут было ня варта — дазімэтр паказваў у раёне 500 мікрарэнтґен на гадзіну.