Сайт Юрыя Міхеда (a.k.a. juras14)

Нью-Ёрк

Штат Нью-Ёрк, ЗША, верасень 2012
Google Мапы, Яндэкс.Мапы

Урны для перапрацоўкі — зялёная для лістоў часопісаў і газэт, сіняя для бутэлек і слоікаў.

 

Класна, напэўна, было б жыць у такой галерэі. Мне б падабалася спаць уначы, калі б я ведаў, што пада мною 9 паверхаў пустаты. А яшчэ б падлога шкляная была...

 

Лірычнае адступленьне

Немагчыма апісаць, наколькі моцна мне падабаецца глядзець з вышыні на зьзяньне начнога горада, калі мільёны і мільёны агнёў рассыпаюцца да самага гарызонту. На прашпэкты, па якіх цякуць чырвона-жоўтыя вогненныя рэкі аўтамабільных фар. На пунсовыя агеньчыкі вежаў і завадскіх труб, якія мігцяць у цемры, і хвалепадобна зіхоткае асьвятленьне ўзьлётных палос аэрапортаў. На дрыготкія адлюстраваньні агнёў ў рацэ і бляклае фосфарнае сьвятло асфальту вуліц, асьветленае ліхтарамі і добра прыкметнае на фоне чорных сьцен дамоў. Бясконцы павольны рух жыцьця ўнізе супакойвае і чымсьці зачароўвае, падобна таму, як гэта робяць рыбкі ў акварыуме. Менавіта таму на гэтае царства агнёў можна глядзець да бясконцасьці.

 

У дзяцінстве я любіў лазіць па дахах. Немагчыма перадаць тое пачуцьцё радасьці, якое наступае, калі ты, ўзьбіраючыся па жалезнай лесьвіцы, выбіраешся з шэрай бетоннай паўцемры гарышча і ўрываешся ў сьвятло сонца і ветру, дзе ўся мітусня здаецца маленькай і неістотнай. Чамусьці да месца ўспамінаецца радок зь песьні «Дзесьці» гурта J:Морс - «у яго ў вачах толькі выхад на дах». Тут ніхто не парушыць твайго спакою. Тут ты зможаш памарыць і ўпершыню знойдзеш сілу пасьмяяцца са сваіх страхаў, прайшоўшы па перагародцы шырынёй у цэглу ля самага краю, і адчуўшы тую дзіўную ахінальную сілу, якая акуратна, але ў той жа час настойліва спрабуе сьцягнуць цябе ўніз. Прыхіліўшыся сьпіной да шахты ліфта і даўшы свабоду бязладным думкам, ты будзеш сядзець тут увесь дзень, назіраючы, як вецер гоніць бясконцыя аблокі, як гайдаецца абвіслы кабэль чыёйсьці тэлевізійнай антэны, і як часам зьяўляюцца зьнізу птушкі, перадыхнуўшы, зноў саскокваюць кудысьці у пустэчу. А потым сонца, якое растварыцца ў гарызонце, афарбуе неба ў ружовы колер, і паступова пачнуць набываць сінюю манатоннасьць і запальвацца жоўтымі агенчыкамі дамы. Агеньчыкаў будзе становіцца ўсё больш, пакуль яны ня ўсыплюць увесь горад, не жадаючы палохацца свайго чарноцьця. Ты неахвотна разумееш, што трэба сыходзіць, употай марачы застацца тут назаўсёды.

 

Назіраючы за прыгажосьцю мільёнаў агнёў, ты адчуваеш нават не адзіноту, а хутчэй пачуцьцё адчужанасьці ад сьвету. Ты ведаеш, што сьвет існуе, ён напоўнены людзьмі, аўтамабілямі, дамамі. Але ён існуе асобна ад цябе. Ён — унізе, і зусім не тычыцца цябе сваёй мітусьнёй, праблемамі, непрыемнасьцямі. Ён як вялікі цацачны мэханізм, павольна працуе недзе там, так, што да цябе толькі слаба даносіцца гудзеньне яго малюсенькіх шасьцяронак. Малюсенькія чалавечкі і завадныя аўтамабільчыкі павольна паўзуць па загадзя прадвызначаных шляхах, не ўсьведамляючы таго, наколькі яны малыя на фоне бясконцага стала, на якім іх расставілі. Ім здаецца, што яны з вар’яцкай хуткасьцю нясуцца наперад, але ў рэальнасьці яны толькі павольна ходзяць па крузе, і ў любы момант чыясьці велізарная рука можа зрушыць іх назад у скрынку, зь якой іх дасталі. І толькі ты тут адзін, па-за гэтым сьветам, і само яго існаваньне здаецца табе чымсьці нерэальным і эфэмэрным. У гэты момант ты раптам адчуваеш, што можаш лятаць. Сіла прыцягненьня больш не трымае цябе, і ты здольны ступіць на перагародку, адштурхнуцца ад яе, і разам з шчыльным і халодным начным ветрам хутка пранесьціся над агністымі рэкамі прашпэктаў і зіготкім россыпам падпаленых вокнаў, а затым рушыць ўвысь, у чорнае неба. Кінуць разьвітальны погляд на зямлю, без шкадаваньня назіраючы, як агні гарадоў сьціскаюцца ў малюсенькія кропкі, аддаляючыся ўсё больш і больш, а затым назаўжды знікаюць з-пад увагі разам з плянэтай, зь цеснага зняволеньня якой табе нарэшце атрымалася вырвацца.

Ты разумееш, што выхад на дах — адзіны выхад, таму што іншых выйсьцяў папросту не існуе.