Сайт Юрыя Міхеда (a.k.a. juras14)

Нэвада і Даліна сьмерці

Штаты Нэвада, Каліфорнія, ЗША, люты 2014
Google Мапы, Яндэкс.Мапы

Самалёт заходзіць на пасадку ў аэрапорце Лас-Вэґаса. Амэрыканскія аднапавярховыя прыгарады ў карычневых танах. Дзіўна, але як і ў мінулы раз, тут ізноў ідзе дождж. Куды і калі б я не прыязджаў, там заўсёды будзе непагадзь — вельмі падобна на ўсё маё жыцьцё.

Лас-Вэгас

 

Нашчасьце, у адрозненьне ад жыцьця, ад непагадзі можна выратавацца пры дапамозе звычайнага парасона. Саджуся ў арандаваную машыну і адпраўляюся ў падарожжа па горна-пустынным штаце, які зараз нагадвае восеньскі Пецярбург.

Лівень у пустыні

 

У Нэвадзе ўзрушаюча прыгожа, але ў той жа час ўзрушаюча аднастайна. За час гэтай паездкі я зрабіў вельмі шмат фатаґрафіяў, але калі паглядзеў іх, то зразумеў, што яны ўсё практычна аднолькавыя — мясцовы краявід абсалютна аднолькавы на сотні кілямэтраў вакол.

Нэвада

 

Рыжаватая пустыня, пакрытая рэдкай расьліннасьцю, ды горы — больш тут нічога няма.

Нэвада

 

Хаця, вядома, рука ўвесь час хапаецца за фотаапарат.

Нэвада

 

Нізкія аблокі чапляюцца за вяршыні.

Горы ў аблоках

 

На дарозе прыходзіцца вельмі ўважліва сачыць за хуткасьцю. Пэйзаж не мяняецца, арыенціраў няма, і здаецца, што ты ледзьве пляцешся, але потым глядзіш на сьпідомэтр, і заўважаеш, што ўжо едзеш за 150. Уначы яшчэ весялей, таму што вакол стаіць апраметная цемра, а ў дарогі няма агароджаў. Пры гэтым, маецца шанец нарвацца на шэрыфа — ведаючы пра гэтыя тэндэнцыі, яны часам устаюць на трасе недалёка ад якога-небудзь гарадка і ловяць парушальнікаў.

Добрая дарога

 

Акрамя хуткасьці, гэта вельмі скрадае адлегласьці. Гэта адзначалі ўсе, хто бываў у пустыні — здаецца, што да вунь таго пагорка або вунь той гары зусім недалёка, а на самай справе там кілямэтраў 10.

Горы ўдалечыні

 

У Нэвадзе разьмешчаны палігон, на якім ЗША выпытвалі сваю ядзерную зброю. Некалькі разоў у год на яго арґанізоўваюцца экскурсіі, аднак, здымаць там па-ранейшаму забаронена — перад уездам турыстаў абшукваюць і канфіскуюць у іх фотатэхніку.

 

Уздоўж дарог заўсёды стаяць платы, якія агароджваюць іх ад жывёлаў.

Плот з дроту

 

Калі я ў мінулым годзе ляцеў у Сан-Францыска, то заўважыў з самалёта нейкія дзіўныя зялёныя кругі. Я пачаў гадаць, што гэта такое. Вадаёмы нейкія? Палі аэрацыі? Але навошта яны тут? Вырашыў пасьля прылёту адразу ж паглядзець у інтэрнэце, але да моманту пасадкі на гэта забыўся.

Кругі ў пустыні

 

У гэты раз мой шлях ляжаў акурат празь іх, і я не прамінуў спыніцца. Разгадка аказалася да сьмешнага простай — гэта звычайныя сельскагаспадарчыя палі.

Кругі паблізу

 

З-за цёплага клімату ўраджай можна зьбіраць круглы год. На бедных глебах вырошчваюць у асноўным сена для жывёлагадоўчых фэрмаў па ўсёй краіне. Круглую форму палям надае спосаб паліваньня — дажджу тут амаль не бывае, таму абрашэньне ажыцьцяўляецца пры дапамозе вось такіх палівалак, якія аўтаматычна рухаюцца вакол цэнтру поля, нібы стрэлка радара, паліваючы пасевы артэзіянскай вадой. Выдатны лужок.

Палівалка

 

А побач — пустыня.

Пясок

 

За межамі Лас-Вэґаса шчыльнасьць насельніцтва вельмі нізкая, і народ жыве небагаты. Калі вы глядзелі фільм «Трымценьне зямлі» (пра ґіґанцкіх пяшчаных чарвякоў), дзея ў якім разгортваецца якраз у гэтых месцах, то вы павінны добра іх прадстаўляць.

Вёска ў Нэвадзе

 

Пасёлкі невялікія, раскіданыя рэдка, вакол — нейкі хлам, старыя машыны, прычэпы, пікапы. Тэхніка ў сухім клімаце амаль не йржавее, таму добра захоўваецца, нягледзячы на мінулыя дзесяцігодзьдзі.

Пасёлак у Нэвадзе

 

Самая распаўсюджаная форма жыльля — трэйлеры.

Самотнае паселішча

 

Танна і сярдзіта.

Пасёлак

Трэйлеры

 

Маёнткі заўсёды атачаюць калючым дротам. Каб ведалі.

Староньнім уваход забаронены

 

Калярытна.

Ваґон

 

Нават адносна буйныя пасёлкі, дзе жыве ня 20, а 3000 чалавек, нагадваюць фільмы пра дзікі захад.

Бэаці

Бэаці

Парумп

 

Гідранты ёсьць нават тут.

Гідрант

 

Каб завабіць да сябе наведвальнікаў, у прыдарожных пасёлках і мястэчках ставяць більборды. Калі вы ўбачыце пэйзаж, дзе пасярод пустыні стаяць більборды, якія рэкламуюць бардэлі ці казіно, то ведайце, гэта Нэвада.

Бардэль

Більборды

 

Нагадваю, што тут леґалізаваная прастытуцыя.

Nude Girls

 

Помнік Віетнамскай вайны.

Гелікоптар

 

Акрамя турызму і азартных гульняў, адзін з галоўных артыкулаў даходу штата — горназдабыўная прамысловасьць. Тут знаходзіцца шмат шахтаў. Калі шахты зачыняюцца, пусьцеюць і пасёлкі, якія іх абслугоўваюць, бо іншага сэнсу жыць пасярод пустыні няма. У Нэвадзе вельмі шмат такіх пасёлкаў-зданяў — яны звычайна становяцца атракцыёнамі для тых, каму не лянота туды дабрацца.

Закінуты пасёлак

 

Зрэшты, сталкерства гэтае так сабе — дзеля пары паўразбураных пуняў перціся сотню-іншую кілямэтраў не вельмі ляґічна.

Усярэдзіне

Закінуты пасёлак

 

Гэта вам ня Прыпяць...

Будка

 

Закінутая шахта.

Шахта

 

Закінуты будынак

 

Мастацтва!

Графіці

 

Прашу прабачэньня за кроплі, як я ўжо пісаў у пачатку, надвор’е было ня вельмі, то ненадоўга ясьнела, то пачынала ліць з новай сілай.

Закінутая шахта

 

Напішу тут таксама што-небудзь. І там што-небудзь...

Сьцяна

 

Але пара ўжо адправіцца і да галоўнай мэты паездкі — да Даліны сьмерці. Дарога, якая сыходзіць па пустыні ўдалячыню да гор — пэйзаж з амэрыканскага фільма.

Дарога, якая сыходзіць да гор

 

Даліна сьмерці

Знаходзіцца на тэрыторыі аднайменнага нацыянальнага парку, размешчанага хоць і побач зь мяжой Нэвады, але адміністратыўна належыць Каліфорніі.

Горы

 

Даліна сьмерці — межгорная западзіна ґеаляґічнага паходжаньня. Па сутнасьці, гэта расколіна ў зямной кары, якая пастаянна пашыраецца. Два фраґмэнты кары з розных бакоў пастаянна апускаюцца, утвараючы горы на сваіх процілеглых канцах (якія ўзьнімаюцца). Абломкі парод з гэтых гор змываюцца ў катлавіну, запаўняючы яе пяском, каменьнем, жвірам і глеем — таўшчыня гэтага пласта складае ўжо больш за 2,7 кілямэтры, але, нягледзячы на гэта, паверхня даліны працягвае апускацца, бо расколіна расьце хутчэй, чым пасьпявае запаўняцца. Наступны буйны землятрус можа хутка апусьціць яе яшчэ ніжэй.

Даліна сьмерці

Даліна паміж гарамі

 

Гэта — найніжэйшае месца заходняга паўшар’я. Яно знаходзіцца на глыбіні 86 мэтраў ніжэй за ўзровень сусьветнага акіяну. Такая катлавіна магла ўтварыцца толькі ва ўмовах вельмі сухога клімату, бо інакш бы яе запоўнілі ґрунтовыя воды, і тут было б возера. Яно тут, дарэчы, сапраўды калісьці было — 35—10 тысяч гадоў таму, калі клімат быў болей вільготным і халодным, даліна была запоўненая вадой. Глыбіня возера складала 186 мэтраў, а плошча — 260 квадратных кілямэтраў.

Фурнэс-Крык

 

Гэтае возера было бясьцёкавым, і таму салёным. Азёры, зь якіх нічога не выцякае, заўсёды бываюць салёнымі, таму што невялікія часьціны солі, якія нясуць у іх рэкі, не выносяцца, а паступова скапліваюцца, павышаючы салёнасьць. У Даліне сьмерці па той жа прычыне таксама вельмі шмат солі. З-за яе, а таксама з-за вельмі гарачага і засушлівага клімату, тут нічога не расьце — адсюль і назва.

Солі вельмі шмат — на фатаґрафіі яна нагадвае сьнег.

Соль

 

На нататку: на гэтай фатаґрафіі на заднім пляне бачныя пакрытыя сьнегам горы. Гэты ланцуг, які распасьціраецца ўздоўж усходняй мяжы Каліфорніі, носіць назву Сьера-Нэвада (Sierra Nevada), што ў перакладзе з гішпанскай азначае «засьнежаны горны хрыбет». Назва штата паходзіць менавіта адсюль. Слова «Нэвада», такім чынам, па-гішпанску абазначае «сьнежная», што выглядае смешна, улічваючы мясцовы клімат. Горы з аналяґічнай назвай ёсць таксама ў Гішпаніі, але цяпер вы будзеце ведаць, што ніякага дачыненьня да амэрыканскага штату гэта ня мае.

Здалёк яе можна прыняць за лужыны з вадой.

Засьнежаныя горы

 

Але калі падысьці бліжэй, то вы ўбачыце, што гэта не вада, а проста гладкая паверхня, пакрытая салянай скарынкай, якая адбівае сьвятло.

Салявая скарынка

 

Гэта найгарчэйшая мясьціна ў сьвеце — тут была зарэґістраваная рэкордная тэмпэратура +56,7 °C. Пры мне яна была +26, хоць гэта быў канец лютага. Горы Сьера Нэвада не даюць дажджавым аблокам пранікнуць сюды з захаду, і нават калі гэта здараецца, ападкі звычайна выпараюцца яшчэ ў паветры, не пасьпяваючы дасягнуць зямлі. З-за таго што даліна з усіх бакоў аточаная гарамі, больш халоднае паветра з боку ня можа ў яе пранікнуць, а гарачае цыркулюе ўнутры, награваючыся ўсё яшчэ мацней. Зрэшты, узіму тэмпэратуры могуць быць і мінусовымі — пустыні і горы не затрымліваюць цяпло.

Горы

 

Мэтэапрылада.

Мэтэапрылада

 

Нейкая расьліннасьць ўсё ж ёсьць, бо дождж тут усё-ткі часам бывае.

Расьліннасьць у Даліне сьмерці

 

Як я ўжо казаў, у іншы дзень мне пашчасьціла яго засьпець. Пры багатых ападках даліна вельмі хутка напаўняецца вадой — глеба з-за пастаяннай сухасьці цьвёрдая, як камень, таму вада ў яе ня ўпітваецца У 2004 годзе тут здарылася паводка, па пустыні нават плавалі на лодках.

Лужына

 

Соль.

Соль на зямлі

 

Найніжэйшае месца даліны - катлавіна Бэдўотер. Плямка пад стрэлкай пазначае ўзровень сусьветнага акіяна. На фотаздымку гэта ня вельмі добра зразумела, але гэта вышыня 31-павярховага дома.

Узровень мора

 

Бэдўотэр (Bad Water) у перакладзе з анґельскай азначае «дрэнная вада». Тут знаходзіцца падземная крыніца, якая ніколі не перасыхае і папаўняецца водамі яшчэ з ледавіковага пэрыяду — калі льды раставалі, вада ўбіралася ў вапняковыя пароды, і за тысячы гадоў самацёкам прасочвалася сюды. Хоць сама крыніца прэсная, вялікая колькасьць солі, якая знаходзіцца на паверхні, робіць утвораны міні-вадаём салёным.

Бэдўотэр

 

Вада, вядома, не атрутная, а проста салёная. Яе насяляюць дробныя водарасьці, інсэкты і малюскі, некаторыя зь якіх не сустракаюцца больш нідзе ў сьвеце. Для абароны гэтых арґанізмаў над крыніцай пабудаваны драўляны насьціл.

 

Месца неверагодна фотаґенічнае.

Катлавіна Бэдўотэр

 

Соль падобная на маленькія варсінкі, якія рассыпаюцца ад дотыку.

Соль на зямлі

 

Нечая фотасэсія.

Фотасэсія жанчыны

 

А я папаўняю калекцыю заходаў сонца.

Заход сонца ў Даліне сьмерці

 

Мне сустракаецца нейкая жанчына, якая просіць яе сфатаґрафаваць на ейны фотаапарат. «Цяжка быць самотным падарожнікам», кажа яна, «нават не зрабіць свае уласнае фатаґрафіі». Я дапамагаю ёй, і раю купіць штатыў — лепшы сябар forever alone вандроўніка.

Forever Alone

 

Цямнее. Праз некалькі хвілін гэтае месца пагрузіцца ў апраметную цемру.

Зьмярканьне

Глядзіце таксама: Пустыня Махавэ