Сайт Юрыя Міхеда (a.k.a. juras14)

Масква (+квадракоптэр)

Расея, травень 2015
Google Мапы, Яндэкс.Мапы

У гэты раз я правёў у Маскве цэлы тыдзень, але паглядзець амаль нічога не пасьпеў — па-першае, не было часу, па-другое, надвор’е практычна ўсе дні было падобнае хутчэй на кастрычнік, чым на травень, і ніяк не спрыяла шпацырам.

Квадракоптэр з-за гэтага атрымалася запусьціць толькі адзін раз. Месцам запуску стала Міуская плошча.

Міуская плошча

 

Астанкінская тэлевежа.

Масква

 

Беларускі вакзал.

Масква з квадракоптэра

 

Погляд у бок цэнтра Масквы. Справа бачны Дзелавы цэнтр, які самотна выглядае на тле астатняга горада. На фота можна адрозьніць адразу чатыры сталінскія вышынныя дамы (Дом на Кудрынскай плошчы, гасьцініцу «Украіна», МЗС, і будынак МДУ) і дамы-кнігі на Новым Арбаце. Калі вельмі прыгледзецца, у левай частцы можна разглядзець Храм Хрыста Выратоўцы і Крэмль. Дамы аднолькавай вышыні, што ідуць роўна — Цьвярская вуліца.

Масква з квадракоптэра

 

Погляд на ўсход. Эх, трэба не забыцца наладзіць камэру, каб яна ў RAW здымала. Вялікі будынак пасярэдзіне — «піраміда Хеопса», офісны цэнтр на Аружэйным у стадыі будовы. Крэмль цяпер справа, і бачныя астатнія гмахі — «Ленінградзкая», і жылыя дамы на плошчы Красных варот і Кацельніцкай набярэжнай.

Масква з квадракоптэра

 

Завулак Аляксандра Неўскага.

Завулак Аляксандра Неўскага

 

Міускі сквэр і палац дзіцячай творчасьці.

Міускі сквэр

 

У наступны раз паспрабую палётаць бліжэй да цэнтра. Напрыклад, з Крымскай набярэжнай. Калі, вядома, да таго часу, як я ў наступны раз прыеду ў Маскву, дэпутаты не забароняць квадракоптэры.

* * *

Гэта фота ўжо з фотаапарата. Беражковская набярэжная. Два дамы моцна нагадваюць прывакзальную плошчу ў Менску. Ззаду бачная «Украіна», Дом ураду і тэлевежа.

Беражкоўская набярэжная

 

Трэба будзе туды схадзіць пагуляць.

Масква-сіці

 

Пабываў у Новадзявочым манастыры. Званіца два месяцы таму згарэла, таму знаходзіцца на рэканструкцыі.

Новадзявочы манастыр

 

Вежа на рагу на папярэдняй фатаґрафіі называецца Напрудной, або Соф’інскай, у гонар таго, што тут знаходзілася ў зьняволеньні царэўна Соф’я Аляксееўна. Соф’я была дачкой цара Аляксея Міхайлавіча і, такім чынам, адзінакроўнай сястрой Пятра I. Іншы брат Соф’і ад той жа маці, Іван Аляксеевіч, быў першым прэтэндэнтам на трон, але ён быў няздольны рэальна кіраваць дзяржавай з-за слабасьці і хваравітасьці, а Пётр быў яшчэ занадта малы, таму Соф’ю прызначылі рэґенткай. Але калі Пётр пасталеў, царэўна не захацела аддаваць яму ўладу, з прычыны чаго паміж імі пачалося супрацьстаяньне, якое скончылася спасылкай Соф’і спачатку ў горад Пуціўль, а затым зьняволеньнем у Новадзявочым манастыры, дзе яна была пастрыжаная ў манашкі і памерла ў 1704 годзе.

Неяк раз па зомбаскрынцы паказалі сюжэт, дзе паведамілі пра цудадзейныя якасьці Соф’інскай вежы, пасьля чаго зьявілася традыцыя на яе падножжы пісаць да духу Соф’і свае просьбы.

Соф’інская вежа

 

Арыґінальнасьцю просьбы не адрозьніваюцца — у Соф’юшкі просяць выйсьці замуж за Ванечку Ярохіна, кватэру ў Маскве ці візу ў Канаду. Думаю, віза і кватэра — гэта занадта шмат, а вось Форд-Фокус у крэдыт або новы айфон Соф’юшка, вядома, дашле. Насуперак аблудзе просьбітаў, царква яе ніколі не кананізавала, а вось супрацоўнікі музея цяпер праклінаюць тэлевізійнікаў, з-за якіх вежа цяпер пастаянна падвяргаецца вандалізму.

Сустрэць нэґра-каня

 

Унутры знаходзіцца парк.

Смаленскі сабор

 

Квадракоптэра, на жаль, у той дзень з сабой не прынёс.

Новадзявочы манастыр

 

Мастачка.

 

Ставяць парковачныя слупкі.

Слупкі

 

Здавалася б, жыцьцё наладжваецца, але ня тут та было. Чыноўнікі зразумелі, што калі проста не даваць парушальнікам парушаць, не атрымаецца падняць грошай на штрафах. Таму слупкі сталі зрэзваць.

Зрэзаныя слупкі

 

Цяпер усё як трэба — аўтабыдла ўстае на ходніках, эвакуатары яго звозяць, аўтабыдла плаціць. Няма спрэчцы, што парушальнікаў трэба строга караць, але па-чалавечы, парушэньні лепш прадухіляць, чым чакаць, пакуль іх зробяць, каб пакараць. Бо тратуары патрэбныя для зручнага перамяшчэньня па іх пешаходаў, а не для зарабленьня грошай на аўтабыдле.

Эвакуатар

 

Сонечная батарэя і ровары.

Сонечная батарэя і ровары

 

Крэмль.

Крэмль

 

Цюльпаны.

Цюльпаны

 

Вуліца Мясьніцкая. Знак стаянкі паказвае колькасьць свабодных месцаў.

Вуліца Мясьніцкая

 

Нарэшце пабываў у кафэ Студыі Лебедзева (Ваня і Юля Аленкевічы, дзякуй!)

Кафэ Студыі Лебедзева