Сайт Юрыя Міхеда (a.k.a. juras14)

Біягазавая электрастанцыя ў Лучках

Белгародзкая вобласьць, Расея, жнівень 2015
Google Мапы, Яндэкс.Мапы

У сярэдзіне жніўня мне напісалі з тэлеканала НТВ з прапановай дапамагчы ў здымках праґрамы «Цуд тэхнікі». Тэмай праґрамы былі альтэрнатыўныя крыніцы энерґіі, і мая задача складалася ў тым, каб зьняць з квадракоптэра біяґазавую электрастанцыю ў пасёлку Лучкі Белгародзкай вобласьці (недалёка ад Якаўлева). Прычына, зь якой выбар упаў менавіта на мяне, складалася ў тым, што мясцовыя прафэсіяналы аэравідэаздымкі заламілі за свае паслугі абсалютна неадэкватныя цэны, я ж сказаў, што аплата няхай будзе на іх меркаваньне (для мяне было цалкам дастаткова таго, што я, дзякуючы гэтаму, змагу трапіць на аб’ект, куды ў звычайных умовах ніколі ня траплю).

Біяґазавая электрастанцыя вырабляе электраэнэрґію з адходаў жывёлагадоўлі — у выніку закісаньня вылучаецца гаручы газ, на якім і працуюць газаґенэратары. Такія электрастанцыі распаўсюджаныя ў ЗША і заходняй Эўропе (лідэрам у гэтай галіне зьяўляецца Нямеччына), у Расеі ж іх на сёньняшні дзень толькі 4 — дзьве ў Белгародзкай вобласьці, адна ва Ўладзімірскай, і адна ў Калужскай. Станцыя ў Лучках, запушчаная ў 2012 годзе, з усталяванай магутнасьцю 3,6 мэґават зьяўляецца найбуйнейшай у Расеі.

Выглядае станцыя так. Высокія ёмістасьці, падобныя на банкі — сховішчы «паліва», вялікія і круглыя ​​пабудовы з купалападобным верхам — біярэактары. У будынку з бардовым дахам адбываецца вытворчасьць паліва, у каґенэрацыйным блёку (ніжэйшай прыбудове з трубамі і кандыцыянэрамі на даху) знаходзяцца пульт кіраваньня, блёк аўтаматыкі і машынная заля. У квадратных басэйнах справа хаваецца сілас, які выкарыстоўваецца ў вытворчасьці паліва (паколькі цяпер сярэдзіна жніўня, ўборка ўраджаю толькі пачынаецца, і рэзэрвуары амаль пустыя).

Біяґазавая электрастанцыя ў Лучках

 

У паўкілямэтры ад станцыі знаходзіцца буйная сьвінафэрма (селекцыйна-ґенэтычны цэнтар), якая зьяўляецца асноўным пастаўшчыком «паліва» — ад фэрмы пад зямлёй пракладзеная труба, па якой фэкаліі самацёкам паступаюць на станцыю.

Селекцыйна-ґенэтычны цэнтар у Якаўлеве

 

Аднак, іншыя жывёлагадоўчыя комплексы таксама вывозяць сюды свае адходы. Для іх абсталяваны спэцыяльны прыёмнік, так званая ёмістасьць збору й гамаґенізацыі. Пах на станцыі стаіць, мякка кажучы, непрыемны. Нават калі зьяжджаеце, ваша вопратка і валосьсе працягваюць папахваць гаўняцом.

Ёмістасьць збору і гамаґенізацыі

 

Задачай рэпартажу было паказаць увесь працэс ад пачатку да канца. Апэратар Аляксандар здымае ўсё на камэру. Грузавік пад’язджае да ёмістасьці...

Разгрузка грузавіка

 

...і вывальвае туды сваё зьмесьціва.

Разгрузка грузавіка

 

Перад ад’ездам ён дэзінфікуецца.

Дэзінфекцыя аўтамабіля

 

Акрамя гною, у справу йдуць і іншыя віды адходаў — фэкальныя ападкі, птушыны памёт, невыкарыстоўваныя часткі туш (кішкі, кроў, каныга), харчовыя і кармавыя адкіды. Аўтамабілі, гружаныя адходамі, рэгулярна пад’язджаюць да прыёмніка для апаражненьня. У год станцыя перапрацоўвае каля 98 000 тон сыравіны.

Разгрузка біля біяґазавай станцыі

 

Анаэробныя бактэрыі вылучаюць больш ґазу, калі гной зьмяшаць з адходамі расьлінаводзтва — бурачным і агароднінным жомам, ачысткамі, саломай, невыкарыстаным бацьвіньнем. Паколькі збор ураджаю гэтага году толькі-толькі пачаўся, цяпер выкарыстоўваецца сілас (сена, якім кормяць жывёл), што даражэй.

Загрузка сіласу

 

Сілас захоўваецца ў спэцыяльных басэйнах і накрываецца плёнкай, каб не макрэць пад дажджом.

Сховішча сіласу

 

Высыпаецца ён у спэцыяльны кантэйнер — шнэкавы загрузьнік цьвёрдае сыравіны. Аляксандар зноў рыхтуецца да здымкі.

Падрыхтоўка да здымкі

 

Шнэкам (ням. Schnecke — сьлімак) завецца шруба з суцэльнай вінтавой паверхняй (бытавым прыкладам зьяўляецца нож ад мясасечкі). Шнэк падае сілас...

Шнековый загрузьнік

 

...які затым зьмешваецца з фэкаліямі і адходамі ўнутры гэтай устаноўкі.

Зьмяшальнік

 

Спэцыяльна для рэпартажу яе адкрываюць, каб убачыць працэс знутры.

Зьмяшальнік унутры

 

«Узбагачаная сумесь» панеслася па трубах.

Трубы

 

Гатовае паліва, званае біямасай, захоўваецца ў вялікіх рэзэрвуарах.

Рэзэрвуары

 

Два рэзэрвуары знаходзяцца звонку. Выгляд з даху.

На даху

Рэзэрвуар зьверху

 

Біямаса плёскаецца і тапырыцца. Шкло вельмі цёплае.

Унутры рэзэрвуара

 

Непасрэдна вытворчасьць біяґазу адбываецца ў рэактарах (на фота). У ніжнюю частку рэактара помпамі падаецца біямаса, якая ўвесь час перамешваецца вялікімі міксэрамі. Яе ядуць анаэробныя бактэрыі, якія і вылучаюць газ. Для жыцьця бактэрыяў неабходная пастаянная падача корму і тэмпэратура ў раёне 37 градусаў па Цэльсіі (цяпло выпрацоўваецца самай станцыяй). Біяґаз зьбіраецца ў верхняй купалападобнай частцы рэактара.

Біярэактары

 

У цэнтры здымка бачная чорная труба, па якой біяґаз пакідае рэактар. Па сваім складзе біяґаз ня аналяґічны прыроднаму — калі ў складзе апошняга мэтан складае 87—97%, то ў біяґазе — усяго толькі 45—70%. Біяґаз ўтрымлівае мноства прымешак, уключаючы дыяксід вугляроду, азот, водны пар і серавадарод, каразійная прырода якога здольная хутка разбурыць любыя рухавікі. Таму перад выкарыстаньнем біяґаз праходзіць працэс ачысткі.

Біяґазавая станцыя

 

Вытворчасьць цалкам безадыходная — цьвёрдыя рэшткі выкарыстоўваюцца ў якасьці арґанічных угнаеньняў. У год станцыя дае іх каля 90 000 тон. За кантэйнэрам стаіць Ільля Мейлах, наш правадыр па станцыі.

Арґанічныя ўгнаеньні

 

Пасьля ачысткі біяґазу атрымліваецца канчатковы прадукт — біямэтан, па сваім складзе аналяґічны прыроднаму ґазу. Менавіта ён і спальваецца ў ґазаґенэратарах.

Ёмістасьці з газам

 

У машыннай залі разьмешчанае асноўнае абсталяваньне, якое выпрацоўвае электрычнасьць. Тут горача і стаіць страшны грукат — зайсьці туды без спэцыяльных навушнікаў немагчыма (уявіце, што стаіце ўшчыльную да некалькіх працуючых авіяцыйных рухавікоў без глушыцеляў).

Машынная заля

 

Ґаз згарае, рухавік працуе, круцячы ґенэратар. Штодня станцыя выпрацоўвае каля 56 000 кіляват-гадзін, чаго дастаткова для забесьпячэньня электраэнэрґіяй усяго Прохараўскага раёна. Энэрґія аддаецца ў агульную электрасетку. Акрамя электрычнасьці станцыя штогод выпрацоўвае 27 300 ґіґакалёрыяў цеплавой энэрґіі.

Генератар

 

Блёк аўтаматыкі.

Блёк аўтаматыкі

 

Кіраваньне цалкам аўтаматызаванае.

Блёк аўтаматыкі

 

Пульт кіраваньня.

Пульт кіраваньня

 

Невялікія зялёныя будкі — трансфарматарныя.

Біяґазавая станцыя зьверху

Трансфарматары

 

Каля КПП маецца зарадка для электрамабіляў.

Зарадка электрамабіля

 

* * *

Біяґазавая станцыя здалёк

 

Усё абсталяваньне станцыі выраблена ў Нямеччыне фірмай SEVA Energie AG, разьмешчанай недалёка ад Брэмэна, аднак, першапачатковыя парамэтры былі пасьля зьмененыя ў выніку дапрацоўкі.

Зроблена ў Нямеччыне

 

Сьвінакомплекс, як звычайна пішуць у такіх выпадках, «абсталяваны па апошнім слове тэхнікі». Усе гэтыя прадпрыемствы ўваходзяць у голдынґ «Агра-Белагор’е», створаны ў 2007 годзе для разьвіцьця ў рэґіёне сельскай гаспадаркі. Белгародзкая вобласьць займае 4-е месца ў краіне па вытворчасьці сельгаспрадукцыі, у некаторых сэґмэнтах галіны доля вобласьці складае да 35% ад агульнарасейскай вытворчасьці.

Сьвінакомплекс ў Якаўлеве

 

Акрамя станцыі, мы таксама пабывалі ў лябараторыі, дзе праводзяцца дасьледаваньні. Лябараторыя разьмешчаная на тэрыторыі Якаўлеўскага мясаперапрацоўчага завода.

Якаўлеўскі мясаперапрацоўчы завод

 

Каля комплексу пабудаваныя экспэрыментальныя ветраґенэратары і сонечныя батарэі.

Ветраґенэратары

 

Задача лябараторыі — пошук найбольш аптымальных відаў сумесяў.

Лябараторыя

 

Тыпы адходаў, суадносіны, у якіх яны зьмешваюцца, колькасьць цьвёрдае сыравіны і іншыя фактары ўплываюць на аб’ёмы і якасьць вырабленага ґазу (курыны памёт, напрыклад, зьяўляецца самым энэрґаёмістым). Таму дасьледаваньне сумесяў праводзіцца на рэґулярнай аснове.

Біямаса

 

Кабінэт, дзе праводзяцца дасьледаваньні.

Лябараторыя

Дасьледаваньне біямасы

 

Тэхноляґ Павел Украінскі дае інтэрв’ю.

Тэхноляґ

 

Трэба дадаць, што акрамя таго, як вырабляецца біяґаз, у гэты дзень я таксама даведаўся, як робяцца тэлевізійныя рэпартажы. Здымачная ґрупа складалася з 3 чалавек — карэспандэнта Сьвятланы, відэаапэратара Аляксандра і гукаапэратара Кірыла. Карэспандэнт займаецца арґанізацыяй і бярэ інтэрв’ю, апэратар здымае, а гукаапэратар займаецца запісам гуку. З усіх членаў здымачнай групы больш за ўсіх бегаў Аляксандар. Чаго яму толькі не даводзілася рабіць, каб адздымаць патрэбныя кадры — і лезьці на шнэкавы загрузьнік, і падымацца на дах станцыі, і стаяць ушчыльную да выгружаючага адходы грузавіка. Прытым што з усяго гэтага ў праґраму рэдактары потым ўключаць адсоткаў гэтак пяць. Дарэчы, усё здымалася на звычайную камэру Canon 5D Mark II.

Здымка працэсу

 

Зразумела, многае з таго, што потым бачаць гледачы, зьяўляецца пастановачным. Выгрузку фэкаліяў грузавік зрабіў два разы, спэцыяльна для здымкі запускалі шнэк і паказвалі загрузку сіласу. Падчас інтэрв’ю карэспандэнт паказвала тэхноляґу, што менавіта трэба рабіць — «скажэце яшчэ вось гэта і гэта, не, давайце лепш так, пакуль кажаце, вазьмеце ў руку вось гэты посуд і зьмешвайце, так, вось так, а цяпер давайце здымем, як вы туды накладваеце сілас». Калі на станцыі здымаўся выкід адпрацаванага ў рэактары матэрыялу, Сьвятлана спытала, ці можна зрабіць так, каб ён падаў больш інтэнсіўна, «а то выглядае неэфэктыўна».

Падрыхтоўка да здымкі

 

Для гукаапэратара Кірыла (чувак з барадой, дарэчы, мянчук) праца знайшлася толькі адзін раз, падчас запісу інтэрв’ю. Большая частка зьнятых кадраў будзе ісьці з закадравай агучкай, таму запісваць гук для іх ня трэба.

Перад пачаткам здымкі

 

Працуе здымачная ґрупа не на сам тэлеканал НТВ, а на прадакшн-кампанію. Тэлеканал самастойна вырабляе толькі інфармацыйныя праґрамы, і наўпрост на яго працуюць толькі тыя карэспандэнты, якіх можна ўбачыць у выпусках навін. Увесь астатні кантэнт (перадачы, якія ідуць на канале) ствараецца прадакшн-кампаніямі, у якіх канал іх купляе. Менавіта таму ў тытрах да большасьці праґрамаў пішуць «па замове НТВ» — гэта якраз і пазначае, што перадачу рабіла іншая кампанія, а канал яе толькі замовіў.

Вядома, падчас здымкі я моцна нэрваваўся. Калі я размаўляў з прадусарам, мне сказалі, што нічога складанага рабіць будзе ня трэба, але ў рэальнасьці спатрэбілася рабіць не такія ўжо простыя манэўры — напрыклад, трэба было здымаць аблёт вакол, які я тады яшчэ не асабліва ўмеў рабіць. Акрамя таго, у мяне з сабой было толькі дзьве батарэйкі (поўнай зарадкі на практыцы хапае толькі на 15 хвілін палёту), гэта значыць магчымасьці зрабіць яшчэ адзін дубль не было (парада для тых, хто хоча здымаць прафэсійна — купіце ШМАТ батарэек!). Спадзяюся, адзьнятыя мной відэа былі ня вельмі дрэннымі — да канца года я паспрабую нарэзаць зь іх свой ролік, а пакуль глядзіце скрыншот ніжэй. Што тычыцца перадачы, то яна, па словах карэспандэнта, павінна выйсьці на канале ў канцы верасьня. Як толькі яна зьявіцца на сайце, я кіну на яе спасылку.

Скрыншот зь відэа

У любым выпадку, гэты дзень быў вельмі цікавым.