Сайт Юрыя Міхеда (a.k.a. juras14)

Шарбойц і Балтыйскае мора

Шлезьвіґ-Гальштайн, Нямеччына, верасень 2015
Google Мапы, Яндэкс.Мапы

У Любэку мне падумалася, што нельга пабываць у двух кроках ад Балтыйскага мора і нават не паглядзець на яго. Выбраўшы на навіґатары першы што трапіўся гарадок на беразе, я адправіўся ў шлях, праз паўгадзіны апынуўшыся на нейкім маленькім курорце, пра які ніколі не чуў, і наўрад ці яшчэ калі-небудзь пачую.

Шарбойц

 

Называўся ён Шарбойц. Назва зноў-такі славянская, паходзіць ад слоў «скора» і «быць» (Skorobyc). Падчас вайны недалёка адсюль брытанскімі бамбардзіроўшчыкамі былі патопленыя караблі «Кап Аркона» і «Дойчлянд», у выніку чаго загінула каля 7 000 чалавек (у асноўным, вязьні канцлаґераў, якіх перавозілі караблі). Падчас і пасьля вайны тут жылі ўцекачы з Усходняй Прусіі, якія ратаваліся ад Чырвонай арміі.

Шарбойц

 

Уражвае парадак і цывілізаванасьць. Ніякага сьмецьця, ніякіх кафэ-шайтанаў, ніякага самабуду, як бывае на курортах у краінах, якія разьвіваюцца.

Шарбойц

Шарбойц

 

Большасьць дамоў, напэўна, летнія. Цікавая форма ліхтара.

Шарбойц

 

На знаках, якія забараняюць стаянку і прыпынак, малююць дробную стрэлку, якая ўдакладняе, куды распаўсюджваецца дзеяньне знака.

Знак са стрэлкамі

 

На асфальце малююць абмежаваньне хуткасьці, але без уліку скажэньня, з-за чаго гэты малюнак дрэнна відаць.

намаляваны знак

 

Памыйніца сумешчаная са скрынямі для старого адзеньня.

Сьмецьцевыя бакі

 

У цэнтры разьмешчаныя гасьцініцы. На вуліцы было халодна і пахмурна. Улетку тут, напэўна, ходзяць перапампаваныя прыгажунчыкі-сэрфэры і іх дзяўчыны ў бікіні... Ой, я ж ужо дзесьці выкарыстаў гэтую фразу.

Галоўная вуліца

 

Прамэнад уздоўж мора і парк.

Прамэнад

 

А вось і Балтыйскае мора (немцы называюць яго «Ўсходнім возерам» — Ostsee). Такое, якім я прывык яго бачыць — халоднае, пахмурнае. Я не люблю цёплых мораў і пальмаў, а вось шэрае неба, цёмная вада і пранізьлівы вецер заўсёды закранаюць душэўныя струны. Люблю ў адзіноце хадзіць па пустым беразе халоднага мора.

Балтыйскае мора

 

Дзіцячая пляцоўка на пляжы.

Драўляны самалёт

 

Душ забыліся выключыць.

Душ

 

Як называецца гэты від спорту? Віндсёрфінґ?

Віндсёрфэры

 

Пляж. Сярэдзіна верасьня, але купальны сезон ужо зачынены. Гэта Балтыка.

Восеньскі пляж