Сайт Юрыя Міхеда (a.k.a. juras14)

Гомель, Рэчыца, Ровенская Слабада

Гомельская вобласьць, Беларусь, сакавік 2016
Google Мапы, Яндэкс.Мапы

Увясну вырашыў ненадоўга зьездзіць у Беларусь, дзе ня быў зь лета 2012 году. Асноўнай мэтай паездкі было наведаць сваякоў, таму нават ня стаў браць з сабой фотаапарат і мэтанакіравана нікуды не хадзіў, а проста здымаў на тэлефон тое, што траплялася. Але захапіў квадракоптэр, навошта менавіта, распавяду крыху ніжэй.

Гомель

Запусьціў квадракоптэр у гарадзкім парку.

Від на Гомель з вышыні

 

Палац Румянцавых і Паскевічаў, рака Сож, парк.

Гомельскі парк з вышыні

 

Асабліва доўга ня лётаў, у Беларусі, як і ў любой аўтарытарнай дзяржаве, паранаідальныя мянты і ахоўнікі, нарывацца на непрыемнасьці не хацелася.

Гомель з вышыні

 

Прама пасярод двара сцэна з крэсламі. Першы раз такое бачу.

Сцэна ў двары

 

Ух ты, змагарскі цюнінґ аўтамабіля.

Змагарамобіль

 

Жыве Беларусь @ Слава Україні.

Жыве Беларусь @ Слава Україні

 

Адчайнае змаганьне не сьціхае ні на хвіліну.

ПТН ПНХ

 

А ў супэрмаркетах прадаюцца сьцяжкі на любы густ. У Расеі цяпер немагчыма ўявіць, каб адкрыта прадаваўся сьцяг Украіны. Ва Ўкраіне аналяґічна пад забаронай сьцяг Расеі. У Беларусі прадаецца ўсё. Хаця не, пакуль пры ўладзе Лукашэнка, тут ніколі ня зьявіцца бел-чырвона-белы нацыянальны сьцяг.

Сьцяжкі

 

Зрэшты, цяпер сытуацыя некалькі зьмянілася. Да прыкладу, вуліцы гарадоў пазапаўнялі більборды, якія аґітуюць за адраджэньне беларускай мовы. Іронія тут у тым, што Лукашэнка на працягу ўсяго свайго кіраваньня мэтанакіравана выціскаў яе з усіх сфэраў жыцьця, з тэлебачаньня, са школ, з афіцыйнага выкарыстаньня, аж да таго, што за размову на беларускай на вуліцы вас ужо лічылі апазыцыянэрам. Але цяпер ціск крыху аслаб. Трэба разумець, што ў Лукашэнкі ў рэальнасьці ніколі не было ніякай ідэалёґіі — яго хвалявала толькі захаваньне сваёй улады. Яго словы пра «братэрства народаў» заўсёды былі пустой балбатнёй — арыентацыя на Маскву тлумачылася толькі тым, што тая ў абмен на гэта фінансавала яго «беларускі эканамічны цуд» (які гэтым фінансаваньнем і тлумачыўся). Бо раней асноўную пагрозу Лукашэнка адчуваў ад празаходне настроеных грамадзян, то і ціснуў заўсёды ў тым ліку і на мову і ідэю нацыянальнага адраджэньня, узятыя імі на ўзбраеньне. А зараз зразумеў, што ня менш сур’ёзная пагроза яго ўладзе зыходзіць ад Пуціна, які можа паспрабаваць нешта зрабіць, каб адхіліць Лукашэнку ад улады і пасадзіць каго-небудзь рахманейшага і болей кантралюемага. Таму Лукашэнка і вырашыў трохі пагуляцца ў дэмакратыю і адраджэньне — у процівагу пуцінскаму «рускаму міру».

Більборды за беларускую мову

 

То ж не расслабляйцеся.

Сацыяльная рэкляма

 

На выхадзе з гарадзкога парку сустрэўся мужычок, які раздаваў нейкія брашуркі. «Пачытайце», кажа, «бясплатныя кніжкі пра здаровы лад жыцьця». Тата яго пытае: «а навошта вы іх раздаяце?» Той: «ну вось, здаровы лад жыцьця...» Тата: «не, вы канкрэтна адкажэце, навошта, проста так ніхто нічога ня робіць». Мужычок: «ну, я належу да царквы сусьветнай еванґелісцкай любові госпада нашага Езуса Хрыста [дакладнай назвы ня памятаю, але штось у гэтым родзе — Ю.М.], і мы тут раздаем нашу літаратуру». Тата: «ну так адразу б і сказалі, чаго галовы людзям дурыце». Выкрыты сэктант, тым ня менш, усё роўна пастараўся з намі пагутарыць (а раптам хтосьці ўсё ж прыйдзе ў іх канторку любові езусавай). «А вы адкуль?», пытае. «З Расеі», адказваем, і я дадаю: «а царква ў вас, напэўна, амэрыканская?» Ён (зьбянтэжана): «царква наша... Эээ... Але... Ну... Навогул, я заўсёды за Расею быў, і цяпер ва ўсім Расею падтрымліваю ». «Ладна», кажам, «мы пойдзем». Сэктант (неяк прыдушана): «удачы вам на Ўкраіне».

Дурачок, далібог.

 

Рэчыца

Прырода ўсё ніяк ня вырашыць, уключаць ужо вясну, ці яшчэ крыху пачакаць.

Сьнег

 

Усю вобласьць запаланіла белая амела — паразытычная расьліна, якая селіцца на бярозах. Нейкая напасьць прама, аніводнага дрэва няма, каб ей не было заражана.

белая амела

 

Беларускі нефарматны дарожны знак.

Увага дзеці

 

Ровенская Слабада

Вось мы і дабраліся да вёскі, дзе тата нарадзіўся і пражыў першыя 16 гадоў свайго жыцьця. За 4 гады, што я тут ня быў, адбылося некалькі зьмен. Найвалікшая — цалкам высеклі вялікі саўгасны яблыневы сад. Усё стала нейкім вельмі пустым і адкрытым.

Ровенская Слабада

 

А заразь я распавяду, навошта ў гэты раз узяў з сабой квадракоптэр.

Мой тата ўсё сваё жыцьцё прысьвяціў небу і верталётам. Паводле яго слоў, яны зачароўвалі яго яшчэ зь дзяцінства — у Рэчыцкім раёне ёсьць нафтавыя вышкі, і, быўшы яшчэ дзіцем, тата часта захапляўся вінтакрылымі машынамі, што абслугоўвалі нафтавікоў. У 16 гадоў ён паступіў у верталётную вучэльню, якую скончыў у 1975 годзе. Пасьля гэтага жыцьцё куды толькі яго не закідвала — ён лётаў на ваенных верталётах у Закаўказзе, у Прыбалтыцы, у Чэхіі, у Калузе і Курску, удзельнічаў у баявых дзеяньнях у Афґаністане, Сірыі, абедзьвюх Чачэнскіх войнах, і нават у Анґоле, дзе ён служыў у міратворчым кантынґенце ААН. У гарачых пунктах ён шмат разоў рызыкаваў жыцьцём і атрымаў некалькі сур’ёзных баявых ордэнаў. Выйшаўшы на пэнсію, ён ня змог доўга працягнуць бязь неба, і пайшоў лётаць спачатку ў МНС, а потым у Курскі аэраклюб. Тата лётаў у розных краінах і на розных кантынэнтах, але толькі адно яму ніяк не ўдавалася — паглядзець, як выглядае зьверху яго родная вёска, тая самая, дзе нарадзілася яго вялікая верталётная мроя. Тата разглядаў яе на спадарожнікавых мапах і залазіў на разьмешчаную недалёка ад вёскі вышку, аднак, першым, у каго нарэшце атрымалася занатаваць з паветра яго бацькоўскую хату, апынуўся мой «Фантом».

Татава бацькоўская хата

 

Зьверху домік здаецца цацачным. Тут прайшло татава дзяцінства.

Татава бацькоўская хата

 

Напэўна, гэта першы раз, калі Ровенскую Слабаду нехта сфатаґрафаваў з вышыні.

Ровенская Слабада з вышыні птушынага палёту