Сайт Юрыя Міхеда (a.k.a. juras14)

Дрэздэн

Саксонія, Нямеччына, жнівень 2016
Google Мапы, Яндэкс.Мапы

Да вайны Дрэздэн быў адным з найпрыгажэйшых гарадоў Эўропы, пра што сьведчылі ягоныя тагачасныя мянушкі «Elb-Florenz» (эльбская Флярэнцыя) і «die Barockperle» (жамчужына барока).

Даваенны Дрэздэн

 

Аднак, будучы буйным прамысловым цэнтрам гітлераўскай Нямеччыны, ён проста ня меў шанцаў перажыць вайну. Горад неаднаразова бамбавалі, а ў ноч з 13 на 14 лютага 1945 гады амэрыканцы і ангельцы падвергнулі яго адному з найбольш разбуральных дывановых бамбаваньняў, пасьля якога ад Флярэнцыі на Эльбе не засталося нічога акрамя абгарэлых руін.

У час бамбаваньня Дрэздэна ўзьнік так званы вогненны сьмерч — зьява, калі гарачае паветра ад мноства пажараў пачынае сьпіральна падымацца на вышыню да 8 кілямэтраў, а на яго месца з ураганнымі хуткасьцямі засмоктваецца халоднае паветра з пэрыфэрыі, забясьпечваючы пастаянны прыток кіслароду. У выніку ўзьнікае адзін велізарны пажар, тэмпэратура ў эпіцэнтры якога перавышае 1000 градусаў, і які не згасае да таго часу, пакуль застаецца хоць нешта, што можа гарэць. Такі эфэкт дасягаўся спэцыяльна — спачатку з мэтай нанясеньня максімальнай шкоды пабудовам скідаліся фугасныя і разрыўныя авіябомбы, за імі йшлі запальныя. У якасьці начынкі для запальных бомбаў выкарыстоўвалася тэрмітавая сумесь з алюмінія і аксіду жалеза, якая дае тэмпэратуры гарэньня да 2200 °C. Эфэкт ад такога бамбаваньня быў фактычна раўнасільны выбуху атамнай бомбы. У выніку ад выбухаў загінула і згарэла ў пажарах ня менш за 25 000 чалавек (па дадзеных афіцыйнага рассьледаваньня, неафіцыйна часта называюцца вялікшыя колькасьці). Эфэкт вогненнага сьмерчу таксама узьнікаў пры бамбаваньні Гамбурга (за 45 000 загіблых) і ядзерным бамбаваньні Хірасімы, і вельмі многія людзі загінулі не падчас бамбаваньня, а менавіта ў выніку пажараў.

Адна з найвядомейшых фатаґрафій наступстваў бамбаваньня была зробленая журналістам Рыхардам Пэтэрам у другой палове 1945 году з гарадзкой ратушы. Па спасылцы можна ўбачыць гэтае ж месца ў другой палове 1940-х і ў 2015 гадах.

Разбураны горад

 

Што засталося ад Дрэздэна сёньня? Калі вы набярэце гэтую назву ў пошукавіку, то хутчэй за ўсё выйдуць прыгожыя фатаґрафіі, якія, напэўна, пераканаюць вас у тым, што цяпер ён адноўлены, і сюды трэба абавязкова зьезьдзіць.

Від на Дрэздэн

 

Але рэальнасьць некалькі іншая.

НДР

 

Сёньня ад Эльбскай Флярэнцыі застаўся толькі невялікі ўчастак у цэнтры горада, які займае крыху больш за 2 квадратных кілямэтры. На гэтым пятачку знаходзяцца некалькі адноўленых або адбудаваных зноўку асноўных славутасьцяў, а таксама сучасныя будынкі, стылізаваныя пад тыя, што калісьці тут стаялі.

Ноймаркт

 

Найгалоўнейшыя славутасьці былі адноўленыя якасна і аўтэнтычна, як, напрыклад, дамінанта гістарычнага цэнтра, царква Багародзіцы (Frauenkirsche). У час бамбаваньня была цалкам разбураная, ад яе засталіся 2 сьцяны, што некалькі дзесяцігодзьдзяў прастаялі як напамін пра вайну (цяпер фрагмэнт сьцяны арыгінальнага храма выстаўлены на плошчы побач з новым). У часы НДР на гэтым месцы быў сквэр. У дзевяностыя гады помнік быў нанова адбудаваны па старых чарцяжах.

Царква Багародзіцы

 

За

Памылка на сайце: немагчыма паказаць сьпіс валютаў, бо функцыя функция currencies() ня вызначаная. Крыварукі аўтар выпадкова зацёр патрэбны файл. Бэкапы, гіт - не, ня чулі :(

можна падняцца на купал.

Царква Багародзіцы

 

Прыдворная царква (Hofkirche, зьлева) і Замак-рэзыдэнцыя (Residenzschloss), у якім жылі саксонскія курфюрсты і каралі, а цяпер знаходзяцца гістарычны музэй і карцінная галерэя.

Прыдворная царква і Замак-рэзыдэнцыя ў Дрэздэне

 

Дзяржаўная опэра (Staatsoper), пабудаваная па праекце Готфрыда Зэмпэра.

Дзяржаўная опэра

 

Архітэктурны комплекс Цвінгер, таксама амаль цалкам разбураны падчас бамбаваньняў, але адноўлены яшчэ да 1951 году.

Цвінгер

 

На будынку бастыённага павільёна Цвінгера можна ўбачыць герб Рэчы Паспалітай — польскага арла і літоўскую пагоню. Яго прысутнасьць тлумачыцца тым, што саксонскі курфюрст Аўгуст Моцны (1670—1733) таксама насіў тытул караля польскага і вялікага князя літоўскага. Фота — Andreas Praefcke, Wikimedia.

Пагоня на Цвінгеры

 

Вышэйшая школа выяўленчых мастацтваў.

Вышэйшая школа выяўленчых мастацтваў

 

Незвычайны будынак, які спачатку прымаеш за мячэць — былая тытунёвая фабрыка Yenidze. Пабудаваная ў 1909 імпарцёрам тытуню Хуга Цытцам па праекце архітэктара Германа-Марціна Гамміцша. Незвычайны выгляд фабрыкі меў маркетынгавую функцыю — рэклямаваў турэцкі тытунь, які прывозіўся з турэцкага Еніцэ (цяпер гарадок Генізэя ў Грэцыі). Акрамя гэтага «мінарэт» выконваў практычную функцыю — маскіраваў выцяжную трубу (інакш Цытц не атрымаў бы дазволу на будаўніцтва побач з гістарычным цэнтрам).

тытунёвая мячэць

 

Калі прайсьціся па цэнтры, можна знайсьці шэраг сымпатычных ракурсаў гістарычнай Эўропы.

Ракурсы Дрэздэна

 

Цэнтр у асноўным пешаходны. Падобна на Флярэнцыю?

Эльбская Флярэнцыя

 

На Парыж?

Брук

 

Але варта прыгледзецца, як апынецца, што мы ходзім сярод наваробаў, увогуле нядрэнных, але на гістарычную забудову падобных толькі агульным стылем.

Навароб

 

Усе гэтыя будынкі пабудаваныя ўжо пасьля нямецкага аб’яднаньня.

Адноўленая архітэктура

 

Будаўніцтва працягваецца.

Будаўніцтва

 

На час рамонту паклалі часовы асфальт, як у Капэнгагене. Асфальт пакладзены на палатно, каб не сапсаваць брук.

Часовы асфальт

 

Будынкі на галоўных плошчах намагаліся рэпрадуктаваць больш дакладна.

Плошч Ноймаркт

 

Часта гэта ўжо зусім сучасная архітэктура (як будынак справа). У прынцыпе, гэта рашэньне можна назваць правільным — узнавіць старадаўні будынак, ня маючы чарцяжоў або фатаграфій, ужо немагчыма, а нешта выдумляць гэта справа няўдзячная, бо гэта будзе выглядаць фальшыва (каб прыдумаць будынак 18 стагодзьдзя, трэба жыць у 18 стагодзьдзі). Таму будуюць нешта сучаснае, трымаючыся стылю.

Архітэктура

 

Зрэдку сустракаюцца сапраўдныя старыя будынкі — пра гэта сьведчаць зьбярэжаныя шыльды пачатку 20 стагодзьдзя.

Старадаўнія шыльды

 

У цэлым атрымліваецца даволі нядрэнна. У часы НДР стары цэнтр выглядаў нашмат горш, і складаўся ў асноўным з пустак і прамавугольнай сацыялістычнай безґустоўшчыны.

Від зьверху

 

Від на другі бераг Эльбы.

Другі бераг Эльбы

 

Плошча, адлюстраваная на самай першай фатаграфіі (Striezelmarkt) гэтага апавяданьня, з таго ж самага ракурсу цяпер выглядае так. Вялікі квадратны будынак — гарадзкі ДК, зразумела, НДРаўскі.

Striezelmarkt

 

Сацыялістычныя панэлькі ў цэнтры накрылі пахілымі дахамі — так яны не настолькі псуюць агульны выгляд прасторы.

Панэлькі

 

Ну а далей пачынаецца НДР.

Сацыялістычная архітэктура

 

Сёньняшняя эльбская Флярэнцыя выглядае пераважна так.

Панэлькі

 

І так.

Панэлькі

 

Дрэздэнскі двор перадае прывітаньне Сочы (хоць тут, напэўна, блякатары месцаў легальныя).

двор

 

Пасьля рэнавацыі некаторыя панэлькі выглядаюць элегантна і больш сучасна.

Рэнавацыя

 

Сацыялістычныя матывы ў афармленьні не абыходзяцца бяз космасу.

Заваёўнікі космасу

 

Сучасны Дрэздэн. Зьвярніце ўвагу на высокую якасьць добраўпарадкаваньня — усё вельмі акуратна, прадумана, выкладзена брукам ці пліткай.

 

Сучасны горад

 

Грамадзкі транспарт прадстаўлены доўгімі трамваямі. Сустракаліся ў асноўным нізкападложныя мадэлі Bombardier Transportation NGT D12DD і NGT D8DD, бачыў таксама NGT6DD-ER фірмы Deutsche Waggonbau AG. Пішуць, што тут да гэтага часу можна ўбачыць клясычныя Татры T4D (асноўны трамвай усіх соцкраінаў), але мне яны не сустракаліся.

Трамваі

 

Аўтобус Man Lion’s City G. Фірмовы колер грамадзкага транспарту жоўты (як у Бэрліне), але сустракаюцца машыны ў рэклямнай расфарбоўцы.

Аўтобус

 

Прыпынак.

Прыпынак

 

Білетны аўтамат.

Білетны аўтамат

 

У транспартнага парку крэатыўная рэкляма.

Казанова

 

Пакуль захаваная тэлефонная будка. Калісьці тэлефонныя будкі былі неад’емнай часткай гарадзкога асяродзьдзя і адным з клясыфікуючых элементаў краін і асобных гарадоў (як, напрыклад, паштовыя скрыні ці сьветлафоры). Але за апошнія 10 гадоў з-за разьвіцьця мабільнай сувязі яны амаль ужо адышлі ў нябыт. Яшчэ праз 10 гадоў яны будуць існаваць толькі ў музэях.

Тэлефонная будка

 

Дрэздэнская мадэль вурны.

Вурна

 

Паказальнікі на паркоўкі з колькасьцю свабодных месцаў.

Знакі

 

Сьветлафорная сыстэмы не абыходзяцца без ост-ампэльмэнхена.

Сьветлафоры

 

Ordnung muss sein: пешаходы стаяць на чырвонае, нават калі гэта вузенькая аднапалосная дарога, і машын вакол няма.

пераход

 

Кнопкі бываюць двух відаў.

Кнопкі

 

Клясныя ґрафіці на чыґуначным мосьце.

Ґрафіці

 

Насупраць палацавай плошчы на ​​другім баку Эльбы ідзе вельмі сымпатычная пешаходная алея.

Алея

 

З фантанамі.

Фантаны

 

У яе канцы знаходзіцца блышыны рынак, дзе прадаюць старыя рэчы і цацкі. Трэці зьлева Бураціна сапраўды такі ж, як быў у мяне ў дзяцінстве.

Блышыны рынак

 

Сумныя мядзьведзі, купіў бы, калі б было куды пакласьці.

Мядзьведзі

 

Адметная рыса лета 2016 году — купкі лаўцоў пакемонаў. Нінтэнда ўдалося зрабіць неверагоднае — выцягнуць гульнезадротаў зь іх пыльных пакояў на сьвятло божае.

Пакемоньнікі

 

Выязджаючы з горада, я праехаў праз мост «Блакітны цуд» (Blaues Wunder, 1893). У гэтым месцы мае сэнс ненадоўга спыніцца.

блакітнае цуд

 

Побач захавалася прыгожая гістарычная забудова, якой удалося пазьбегнуць разбурэньняў.

Старая забудова

 

На другім баку працуе пабудаваная напачатку 20 стагодзьдзя падвесная дарога, якая вядзе на аглядную пляцоўку.

падвесная дарога

 

 

Пляцоўка, праўда, расчаравала — усё найкікавейшае закрываюць дрэвы. Добры від тут толькі ўзімку.

Від на Дрэздэн

 

Але ўсё роўна кляснае месца.

Коні

 

Нагадала Італію.

Італьянскі выгляд

 

Дрэздэн сымпатычны, але калі ў плянах вашай паездкі толькі агляд горада, то больш за адзін дзень тут рабіць няма чаго. Эльбскую Флярэнцыю зьнішчыла вайна, цяпер яна ўжо наўрад ці вас зьдзівіць.

Начны Дрэздэн