Сайт Юрыя Міхеда (a.k.a. juras14)

Ліепая, раён Кароста

Курзэмэ, Латвія, лістапад 2017
Google Мапы, Яндэкс.Мапы

Калі вы прыехалі ў Латвію ненадоўга, і выбіраеце, які адзін горад паглядзець акрамя Рыгі, то лепш за ўсё ехаць у Ліепаю. Сюды лёгка дабрацца (з Рыгі можна нават самалётам), а сам горад вельмі прыгожы і цікавы. На машыне ад Елгавы мы з дзядзькам Аўстрысам дабраліся за 2 з паловай гадзіны, нягледзячы на ​​тое, што па дарозе патрапілі ў сьнегапад.

Усе рэгіянальныя трасы ў Латвіі — двухпалосныя (чатырохпалосныя шашы з падзельнікам сустракаюцца толькі ў навакольлі Рыгі). Якасьць дарог высокая — асфальт роўны, па баках часта ўсталяваны адбойнік, разьметка ўсюды сьвежая, знакаў і паказальнікаў хапае. Пра дарогі будзе асобны пост.

Латвійскія дарогі

 

Бліжэй да Ліепаі сустракаюцца ветракі. Горад стаіць на беразе Балтыйскага мора, зь якога стала дзьмуць моцныя вятры (гэта нават знайшло адлюстраваньне ў культуры, але пра гэта пазьней).

Ветракі

 

У гаі побач са ўездам у горад знаходзіцца закінуты савецкі мэмарыял. Савецкія помнікі ў Латвіі ніяк не падтрымліваюцца і не рамантуюцца, з-за чаго паступова руйнуюцца ад часу.

Савецкі мэмарыял

 

Мы заяжджаем у горад з поўначы, дзе знаходзіцца раён Кароста (Karosta, у перакладзе з латыскай, «ваенны порт»). Порт быў пабудаваны ў 1890—1906 гадах як расейская ваенна-марская база і насіў імя заклаўшага яго цара Аляксандра III, а ў савецкі час выкарыстоўваўся Балтыйскім флётам СССР. Едзем паўз старую воданапорную вежу.

Воданапорная вежа

 

У 1960—1970-я гады для вайскоўцаў і іх сем’яў быў узьведзены панэльны мікрараён. Пасьля вываду савецкіх войскаў насельніцтва раёну ўпала, а ўзровень беспрацоўя, злачыннасьці, наркаманіі і іншых сацыяльных хваробаў моцна ўзрос. Раён па-ранейшаму лічыцца вельмі недабрабытным, жывуць тут пераважна расейскамоўныя. Выглядае вельмі дэпрэсыўна.

Панэльныя шматпавярхоўкі

 

Нічога акрамя аблезлых панэлек і пустак.

Шматпавярхоўкі

 

Не ўяўляю, чым тут можна займацца.

Закінуты прадпрыемствы

 

У гэтым раёне, аднак, ёсьць мноства славутасьцяў. Адна зь іх — вялікая расейская царква, Сьвята-Мікольскі марскі сабор, пабудаваны ў 1900—1903 гадах па праекце В. Касякова.

Сьвята-Мікольскі марскі сабор

 

У Латвіі абсалютна ва ўсіх цэрквах (незалежна ад рэлігіі) забароненая здымка. Прама на ўваходзе, а часам нават на дзьвярах, будзе таблічка, што пра гэта апавяшчацьме. Незразумела, навошта такое трэба. Я ж не падчас службы і не перашкаджаю нікому.

Сабор

 

Ад расейскага гарнізона засталося мноства гістарычных будынкаў канца 19 і пачатку 20 стагодзьдзя, уключаючы казармы, адміральскія асабнякі, розныя пабудовы і нават палац, у якім цар спыняўся толькі адзін раз. Частка будынкаў выкарыстоўваецца.

Расейскія пабудовы

 

Але большасьць пасьля вываду савецкіх войскаў была закінута.

Закінуты гарнізон

 

У некаторыя можна ўвайсьці, хоць глядзець там няма чаго.

Закінуты будынак

 

Тут у царскія часы быў манэж.

Манэж

 

А тут — качагарка.

Качагарка

 

Ґрафіці.

Ґрафіці

 

Застаецца спадзявацца, што калі-небудзь на рэканструкцыю зьявяцца грошы, і тут адкрыюць гістарычны музэйны комплекс. Або што-небудзь яшчэ. Шкада глядзець, як такая каштоўная гістарычная спадчына руйнуецца.

Закінуты гарнізон

 

У цяперашні час музэй дзейнічае ў партовай гаўптвахце, праўда, адкрыты ён толькі з траўня па верасень. У музэі можна паўдзельнічаць у гістарычнай рэканструкцыі — правесьці ў астрозе суткі ў якасьці зьняволенага. Акрамя самой турмы музэй арганізуе экскурсіі па ўсёй тэрыторыі порта.

Астрог

 

Ад адкрытага мора бухта адзьдзеленая штучна пабудаванымі збудаваньнямі.

Бухта

 

Калі ў вас ёсьць шмат вольнага часу, то ў порце можна паглядзець шмат цікавага — умацаваньні, падземныя бункеры, і іншыя абарончыя збудаваньні. Фотаздымак ніжэй ўзяты з Вікіпэдыі, аўтар — Andrius Vanagas, 2006.

Умацаваньні

 

Удалечыні віднеецца ліепайскі прамысловы порт.

Порт Ліепаі

 

Некаторыя аб’екты выкарыстоўваюцца ўзброенымі сіламі Латвіі.

Ваенны катэр

 

Праз партовы канал пракладзены пабудаваны ў 1904—1906 гадах паваротны мост, распрацаваны нямецкім інжынэрам Гаральдам Галлам. У 1920-х гадах мост атрымаў імя Оскара Калпака (1882—1919), першага камандуючага латыскім батальёнам, які пасьля стаў асновай для нацыянальнай арміі першай Латвійскай Рэспублікі.

Мост Калпака

 

У савецкі час грамадзянскаму насельніцтву забаранялася праходзіць на тэрыторыю ваеннага гарадка, таму каля маста знаходзіўся КПП.

КПП

 

Цяпер праезд вольны. Некалькі разоў на дзень аўтамабільны рух перакрываецца, і праз канал праходзяць караблі.

Мост Калпака

 

Мост у разьведзеным стане.

Разьведзены мост

 

Відэа разьвядзеньня.

 

А цяпер накіруемся ў цэнтр гораду.

Пяціпавярхоўкі